Грамадская ініцыятыва “ Паўднёвы-захад” (ПЗ) паўстала ў Маскоўскім раёне Мінска намаганнямі маладых актыўных грамадзян мікрараёнаў “Паўднёвы захад” і “Малінаўка” ў красавіку 2006г. У межах гэтых мікрараёнаў пражывае каля 160 000 жыхароў сталіцы.
Асноўнымі мэтамі нашай ініцыятывы з’яўляецца вырашэньне лакальных праблемаў раёна, абарона законых інтарэсаў мясцовага насельніцтва, прапаганда здаровага ладу жыцьця сярод моладзі. Таксама важным для нас з’яўляецца прыцягненне актыўных грамадзян да супольнай дзейнасці на карысць раёна.
За час існаваньня, ініцыятывай быў праведзены шэраг паспяховых лакальных акцый і кампаній. Мы рабілі юрыдычныя кансультацыі для жыхароў, праводзілі кампаніі па абароне інтарэсаў простых грамадзян: кампанія “Юго-Западу нужны парковки!”, супраць зносу буйной аўтастаянкі па пр-ту г.“Праўда” і абароне правоў аўтаўладальнікаў – дамагліся прыняцця Мінгарвыканкамам рашэння №1580 аб будаўніцтве ў раёне новых стаянак і парковак для аўтатранспарта; кампанія за абарону і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны раёну (курганы 12ст) – дамагліся усталявання памятнага знаку і шыльды аб абароне дзяржавай дадзенага аб’екту; кампанія“Антымак” за забарону продажу неапрацаванага макавага насення, даступнасць якога справакавала эпідэмію моладзевай наркаманіі -дамагліся прыняцця пастановы №1711 Савета Міністраў.
Нашай ініцыятывай праводзіліся футбольныя турніры для раённай моладзі, выдавалася лакальная бясплатная газэта “Паўднёвы захад” і інш.
Прадстаўнікі ініцыятывы ўдзельнічалі ў выбарах у Мінскі гарадзкі савет (2007г.). Каардынатар ініцыятывы Юрый Карэтнікаў з’яляўся адзіным кандыдатам ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў па “Паўднёва заходняй” выбарчай акрузе №99 на мінулых парламенцкіх выбарах.
Мы працуем разам з усімі жыхарамі нашага раёна, каб зрабіць яго больш утульным і прывабным для ўсіх нас. Наша мэта – зрабіць жыццё на Паўднёвых Захадзе па-еўрапейску якасным . Таму дэвіз нашай ініцыятывы “Паўднёвы Захад – Еўрапейскі накірунак!”.